ЧАРГАВА́ННЕ ГУ́КАЎ, альтэрнацыя,

заканамерная замена гукаў мовы ў межах адной і той жа марфемы ў розных словах або словаформах.

Адрозніваюць Ч.г. гіст. і пазіцыйнае (фанет.). Гіст. абумоўлена гукавымі працэсамі, якія адбываліся ў стараж. перыяд і ў сучаснай бел. мове не існуюць: «б — бл» («любіць — люблю»), «п — пл» («сыпаць — сыплю»), «в — ўл» («славіць — слаўлю»), «ф — фл» («графіць — графлю») і інш. Пры пазіцыйным чаргаванні змена гукаў у слове абумоўлена фанет. законамі сучаснай мовы. Найб. частыя пазіцыйныя Ч.г. у бел. мове — «о, е — а» («дом — дамы», «сем — с’амі»), «у — ў» («ён узяў — яна ўзяла»), «і — ы» («ісці — адысці»), звонкія і глухія («сады — сат»), цвёрдыя і мяккія («рука — рук’і»), свісцячыя і шыпячыя («груз’іц’ — грушчык») зычныя.

Літ.:

Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 17, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)